27 студзеня - Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту
27.01.2024Сваю трагедыю перажыла і Беларусь, дзе ў гады вайны дзейнічала больш за 320 гета, у якіх было знішчана звыш 800 тысяч яўрэяў. Глыбоцкае гета было створана ў верасні (па некаторым дадзеным у кастрычніку) 1941 года і праіснавала да жніўня 1943 года. З самых першых дзён акупацыі ў Глыбокім разгарнулася антысеміцкая прапаганда. Яўрэям забаранялася наведваць рынак і хадзіць па ходніках, яны павінны былі насіць на вопратцы адмысловыя нашыўкі: круглы лапік на спіне і жоўтую зорку на грудзях. Восенню 1941 года немцы абвясцілі, што ўсе яўрэі за паўгадзіны, узяўшы толькі ручную паклажу, павінны перабрацца ў гета - тэрыторыю, у якую ўваходзяць сучасныя вуліцы Энгельса, Чырвонаармейская, Чырвоных партызан і Чкалава. Ад астатняй часткі горада гета было ізалявана драўляным плотам з калючым дротам. Выхад праз адзіныя вароты без дазволу пагражаў расстрэлам. У лістападзе 1941 года ў Глыбоцкім гета ўжо знаходзілася больш за 5800 чалавек (жыхароў Глыбокага і бліжэйшых вёсак). Са снежня 1941 года ў горадзе сталі праводзіцца масавыя расстрэлы яўрэяў, паўтараючыся рэгулярна і забіраючы сотні ні ў чым ні павінных жыццяў. І дакладная лічба знішчаных лёсаў не будзе вядомая ўжо ніколі.
Гады цяжкіх работ, здзекаў, зневажанняў, невыносных умоў жыцця і масавых расстрэлаў штурхалі яўрэйскую моладзь на арганізацыю груп супраціўлення: яны здабывалі зброю, шукалі сувязь з партызанамі. У партызанскіх атрадах з фашыстамі змагалася больш за 60 яўрэяў з Глыбокага і яго ваколіц. Тыя, хто застаўся ў гета, рыхтавалі «схроны» (схованкі) і 15 жніўня 1943 года на тайным савеце прынялі рашэнне падняць паўстанне. Але сілы былі не роўныя ... У гераічнай і няроўнай барацьбе ў жнівеньскія дні 1943 года гета ў Глыбокім было знішчана.
Усяго за гады акупацыі ў Глыбокім было закатавана і забіта больш за дзесяць тысяч яўрэяў. І сёння пра гэтыя страшныя дні і загубленыя жыцці нам нагадваюць толькі маўклівыя помнікі на вуліцы Чкалава і ва ўрочышчы Барок.
У дзень 27 студзеня мы ўспамінаем пра страшныя жахі той вайны, каб падобнае не паўтаралася больш нідзе і ніколі.